КЕМБРЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД) (ад Камбрыя, Cambria — лац. назва Уэльса),

кембрый, першая сістэма палеазойскай эратэмы (групы), якая адпавядае першаму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца вендскай і перакрываецца ардовікскай сістэмамі. Пачалася 570 і доўжылася да 510 млн. гадоў назад. Вылучана англ. геолагам А.Седжвікам у 1835. Падзяляецца на 3 аддзелы (эпохі): ніжні (ранняя), сярэдні (сярэдняя), верхні (позняя). Для Усх.-Еўрап. платформы прыняты ярусы: для ніжняга аддзела — тамоцкі, атдабанскі, батомскі, таёнскі; сярэдняга — амгінскі, майскі; верхняга — аюсаканскі, сакскі, аксайскі. У Зах. Еўропе і Паўн. Амерыцы расчляняецца на фауністычныя зоны.

Кембрыйскі перыяд характарызуецца шырокай трансгрэсіяй мора. Адбылося значнае апусканне на мацерыках Паўн. паўшар’я, а ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Антарктыдзе пераважалі падняцці. Актывізавалася вулканічная і інтрузіўная дзейнасць, змяніўся працэс асадканамнажэння ў морах і акіянах. Існаванне розных палеагеагр. умоў стварыла складаныя структурна-фацыяльныя комплексы адкладаў, якія падзяляюцца на 2 асн. тыпы: тэрыгенны (Усх.-Еўрап., Паўн.-Амер. стараж. платформы і прылеглыя рэгіёны) і карбанатны (Сібірская, Кіт. стараж. платформы і прылеглыя складкавыя вобласці), сярод якіх трапляюцца эвапарытавыя (солі, некат. вапнякі і даламіты) і чарнасланцавыя намнажэнні. У кембрыі з’явіліся жывёлы з цвёрдым шкілетам. У канцы перыяду існавалі прадстаўнікі амаль усіх тыпаў жывёльнага свету, але найб. пашыраны былі трылабіты. Для ранняга кембрыю характэрны археацыяты. З іншых груп фауны ў К.с.(п.) існавалі брахіяподы, малюскі, губкі, кішачнаполасцевыя, чэрві, ігласкурыя, грапталіты. Раслінны свет прадстаўлены шматлікімі вапняковымі водарасцямі.

На Беларусі кембрыйскія адклады пашыраны ў паўд.-зах. (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна) і паўн.-зах. (схіл Беларускай антэклізы) частках тэрыторыі. Прадстаўлены ніжнім і сярэднім аддзеламі, у складзе якіх вылучаны гарызонты: ровенскі, лантаваскі, дамінапольскі, вергальскі, раўсвенскі (ніжні аддзел); кібартайскі (сярэдні). Завяршае разрэз палеанталагічна не ахарактарызаваная орлінская світа. Адклады прадстаўлены глінамі, алеўралітамі, пясчанікамі (магутнасць да 436 м). Кембрыйскія адклады перспектыўныя на нафту і газ. Радовішчы нафты выяўлены ў Балт. сінеклізе.

В.І.Абраменка, Г.У.Зінавенка.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)